У Мінску сустракаліся актывісты-каардынатары Канфедэрацыі беларусаў памежжа

У Мінску сустракаліся актывісты-каардынатары Канфедэрацыі беларусаў памежжа.
Канфедэрацыя беларусаў памежжа з’явілася пяць гадоў таму з ініцыятывы Алега Давідзюка, кіраўніка суполкі “Крок” з літоўскага Вісагінаса. Уваходзяць у канфедэрацыю кіраўнікі аб’яднанняў супляменнікаў зЛітвы, Латвіі, Украіны. Прайшлі два пасяджэнні-канферэнцыі кіраўнікоў канфедэрацыі ў Вісагінасе іДаўгаўпілсе, ідзе падрыхтоўка да трэцяга — вось і спатрэбілася працоўная сустрэча каардынатараў у

15073475_1617294248574579_6409855578405069369_n

таварыстве “Радзіма”. Сабраліся Алег Давідзюк, актывістка “Кроку” Ірына Кузняцова, старшыня таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса Людміла Сінякова, сябра Саюза беларусаў Украіны Віктар Камісарук. Беларусь прадстаўляў старшыня таварыства “Радзіма” Максім Дубянок.
“Наша арганізацыя ўздымае надзённыя пытанні, — адзначаў Алег Давідзюк. — Напрыклад, пра супрацоўніцтва беларускіх суполак замежжа з МЗС, пра адносіны да будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Абмяркоўвалі план правядзення ІІІ канферэнцыі, якая пройдзе ў 2017-м у Беларусі”. Дзе канкрэтна будзе збор — пакуль невядома. Вырашылі звярнуцца па дапамогу да Мінкультуры і МЗС Беларусі, каб прымеркаваць канферэнцыю да аднаго з культурных мерапрыемстваў. Можа, да ІІІ Фэсту мастацтваў беларусаў свету? “Гэта менавіта тая падзея, якой чакаюць беларусы замежжа, — упэўнены Максім Дубянок. — Цудоўная магчымасць падзяліцца досведам зберажэння і развіцця беларускай духоўнай спадчыны, мовы і нават думкі за мяжой”.
Людміла Сінякова лічыць: добра, што размова ішла і пра супрацоўніцтва беларускіх суполак у памежных краінах. “Разам нам лягчэй працаваць, — адзначала яна. — А ёсць жа яшчэ праблемы, напрыклад, з памежнымі пераходамі, працаўладкаваннем беларусаў за мяжой, у сферы эканамічнай і культурнай дзейнасці”.
Алег Давідзюк яшчэ да сустрэчы ў “Радзіме” пабываў у Смаргоньскім раёне. Як член гарсавета Вісагінаса дамаўляўся аб супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі. Алег Аляксандравіч заінтрыгаваў: “На канферэнцыі мы прэзентуем адзін з праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва, які закране розныя сферы: турыстычную, культурную, эканамічную. Не кажу пра дэталі, але, мне падаецца, гэта будзе “бомба”.
Ірына Кузняцова казала: каб вакол Беларусі замкнулася кальцо дружбы, узаемапаразумення і супрацоўніцтва, да канфедэрацыі варта далучыцца актывістам беларускіх суполак з Польшчы ды Расіі. Прычым некаторыя з іх праяўляюць інтарэс да арганізацыі.
Вынікі сустрэчы падвёў Максім Дубянок: “Галоўнае: мы змаглі пачуць адзін аднаго, зразумець і выпрацаваць агульную пазіцыю па дастаткова складаных пытаннях. А далей будзем развіваць стасункі паміж краінай і беларусамі замежжа, менавіта ў тых сферах, у якіх мы можам быць адзін аднаму карыснымі”.
Кацярына Мядзведская
Голас Радзімы № 44 (3500), чацвер, 24 лістапада, 2016 у PDFhttp://golas.sb.by/roznae/article/razam-lyagchey-belarus.html
http://golas.sb.by/rozn…/article/razam-lyagchey-belarus.html

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *