Аб першым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі

Аб першым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі

1 ліпеня 2015 г. адбылося першае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Савет створаны пры МЗС у адпаведнасці з законам Беларусі “Аб беларусах замежжа” 2014 года, які ўскладае на Міністэрства адказнасць за каардынацыю працы органаў дзяржаўнага кіравання па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне стасункаў з беларускай дыяспарай у іншых краінах.

У пачатку пасяджэння кіраўнік Савета Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей звярнуўся да прадстаўнікоў беларускіх суполак з 18 краін з заклікам правесці шчырую размову аб магчымых шляхах удасканалення ўзаемаадносін паміж дзяржавай і арганізацыямі беларусаў за мяжой.

Міністр адзначыў, што прыняццё закона абгрунтоўвае палітычную ўвагу да пытання дыяспары з боку МЗС. Ён падкрэсліў, што дзяржава працягне аказваць беларусам замежжа ўсю магчымую падтрымку ў захаванні беларускай ідэнтычнасці, мовы, культуры, а таксама ў самаарганізацыі, развіцці эканамічных і гуманітарных сувязей з Бацькаўшчынай. У.Макей заявіў, што знешнепалітычнае ведамства будзе служыць у якасці аб’ектыўна зацікаўленага сябра для ўсіх прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з замежных краін, якія прыйдуць у Беларусь ці ў беларускія пасольствы з канструктыўным настроем.

Удзельнікі Савета абмеркавалі бягучы стан супрацоўніцтва ў галіне культурнай, адукацыйнай і іншай падтрымкі беларусаў замежжа з боку дзяржавы, удзел і ролю беларусаў замежжа ў эканамічных сувязях паміж Беларуссю і краінамі іх пражывання.

Быў узняты шэраг праблемных пытанняў, якія будуць больш падрабязна разгледжаны падчас далейшых кантактаў прадстаўнікоў беларускіх суполак з галіновымі міністэрствамі. Прадстаўнікі дыяспары, беларускіх дзяржаўных устаноў і недзяржаўных арганізацый адзначылі, што ва ўсіх сферах узаемадзеяння існуе значны патэнцыял, які трэба аператыўна развіваць.

Была дасягнута дамоўленасць, што вынікі дыскусіі на Кансультатыўным савеце лягуць у аснову “дарожнай карты” наступных крокаў з боку беларускай дзяржавы ў дачыненні да інтарэсаў беларускай дыяспары. Сярод першых такіх крокаў, над якімі зараз працуюць у МЗС і іншых дзяржаўных установах, можна назваць працяг тэрміна дзеяння дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” на 2016-2020 годы, стварэнне адзінага інтэрнэт-парталу аб жыцці беларусаў за мяжой, правядзенне дзелавога форуму беларусаў замежжа ў Мінску ў 2016 годзе.

Замежнымі ўдзельнікамі Кансультатыўнага савета прынята наступная дэкларацыя:

Сумесная дэкларацыя ўдзельнікаў першага пасяджэння Кансультатыўнага савета

пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь па справах беларусаў замежжа

Мы, прадстаўнікі аб’яднанняў беларусаў, якія жывуць за межамі Рэспублікі Беларусь, удзельнікі першага пасяджэння Кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў Рэеспублікі Беларусь па справах беларусаў замежжа, па выніках змястоўнай дыскусіі на першым пасяджэнні Савета:

– вітаем прыняццё Закона Рэспублікі Беларусь “Аб беларусах замежжа” ад 16 чэрвеня 2014 года;

– выказваем падтрымку выкладзеным у Законе прынцыпам, мэтам і накірункам дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа па абароне і захаванню беларускай этнакультурнай прасторы ў краінах пражывання, умацаванню сувязей і ўсебаковага партнёрскага ўзаемадзеяння суполак з Рэспублікай Беларусь;

– адзначаем важную ролю беларускай Дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце” на 2013-2015 гады ў падтрымке культурных, інфармацыйных, моўных і іншых інтарэсаў беларусаў замежжа і выказваем зацікаўленасць у яе далейшай рэалізацыі на перыяд пасля 2015 года;

– заклікаем, абапіраючыся на эфектыўнае ўзаемадзеянне, якое склалася з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, пасольствамі і консульствамі Рэспублікі Беларусь, працягнуць намаганні Рэспублікі Беларусь па абароне правоў і законных інтарэсаў сябраў беларускіх суполак у краінах пражывання;

– заклікаем, грунтуючыся на цесных партнёрскіх адносінах і кантактах з Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам культуры, Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам спорту і турызму, Апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, актывізаваць працу ўсіх зацікаўленых па ўмацаванню ўмоў для вывучэння беларусамі замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры, актыўнаму спазнанню сучаснай Беларусі і выказваем зацікаўленасць у працягванні працы па стварэнню беларускіх культурных цэнтраў за мяжой, а таксама ў стварэнні адзінага інфармацыйнага партала, прысвечанага жыццю беларускай дыяспары за мяжой;

– пацвярджаем зацікаўленасць да пастаяннага канструктыўнага дыялогу з органамі дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь, беларускімі арганізацыямі па сувязях з беларусамі замежжа, аб’яднаннямі і прадстаўнікамі беларускіх дзелавых колаў у мэтах выкарыстання патэнцыялу беларусаў замежжа для актывізацыі шматпластавага, у першую чаргу, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі, і падтрымліваем прапанову Міністэрства замежных спраў правесці ў 2016 годзе ў г.Мінску Дзелавы форум беларусаў замежжа.

print-logo

Сайт: mfa.gov.by
Адрас дакумента: http://mfa.gov.by/by/press/news_mfa/e0fdad960694e455.html

 

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *