Выставка “Янка Маўр і Якуб Колас: Разам па жыцці” 14.10.2014

Выставка “Янка Маўр і Якуб Колас: Разам па жыцці” в в Белорусском информационном центре в Риге открывается 14 октября в 16.00 ( здание Академической библиотеки ЛУ, Рупниецибас 10, 2 этаж ) !!!

“Янка Маўр і Якуб Колас: Разам па жыцці”
( Да 131 гадавіны з дня нараджэння Янкі Маўра)
11 мая 2014 года споўніўся сто трыццаць адзін год з дня нараджэння Янкі Маўра – Івана Міхайлавіча Фёдарава – вядомага пісьменніка, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры для дзяцей і юнакоў. У літаратуру ён увайшоў сталым чалавекам, за плячыма якога быў вялікі вопыт настаўніка-псіхолага. Ён тонка адчуваў настрой дзяцей, іх зацікаўленнасць невядомым, падарожжамі, далёкімі краінамі, бо сам многа перажыў; марыў у свае юнацкія гады пабываць у далёкіх краінах, праехаць на лодцы па вялікіх рэках сусвету. Аб яго жыццёвым шляху і творчасці напісана некалькі кніг, мноства артыкулаў, успамінаў аб сустрэчах з ім. Але, напэўна, нідзе не раскрываюцца так яскрава, так змястоўна яго малечыя і юнацкія гады, як у аўтабіяграфічнай аповесці “Шлях з цемры”.
Нарадзіўся Іван Міхайлавіч 28 красавіка (11 мая) 1883 г. у г. Лібава (Латвія, зараз г. Ліепая). Бацька, сталяр, рана памёр, і разам з маці малы Янка пераехаў на яе радзіму ў вёску Лебянішкі былой Ковенскай губерні. Хлопчык рос у беднасці і нястачы, і толькі дзякуючы самаахвярным намаганням маці, якая марыла чаго б гэта не каштавала вывучыць свайго сына, у 1895 г. ён заканчвае пачатковую школу, а ў 1899 – Ковенскае рамеснае вучылішча, пасля чаго паступае ў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, адкуль у канцы 1902 г. за вальнадумства, «за сумненні ў рэлігіі» яго выключаюць з апошняга, выпускнога, класа. Аднак пасведчанне настаўніка пачатковай школы (1903 г.) ён усё ж атрымаў, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс.
Працаваць пачынаў у школе пад Панявежам, затым быў пераведзены ў вёску Бытча на Барысаўшчыне. Самая яркая падзея ў біяграфіі пісьменніка – удзел разам з Я. Коласам у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, што адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына ў 1906 г. Як паказваюць дакументальныя матэрыялы, Іван Фёдараў быў не толькі ўдзельнікам з’езда, але і адным з яго ініцыятараў. Судовая справа цягнулася доўга, амаль два гады. Фёдарава да педагагічнай працы не дапусцілі і ўзялі пад нагляд паліцыі.
Пасля звальнення з працы Янка Маўр уладкоўваецца хатнім настаўнікам для шэсцярых дзяцей Варвары Фёдараўны Адамовіч, дачкі святара. Сям’я Варвары жыла ў Турцы, туды і пераязжае малады настаўнік. Пасля смерці мужа Варвары пайшлі перасуды: недапушчальна маладому чалавеку жыць у адной хаце з удавой, хай сабе і старэйшай за яго на дзесятак год. Варвара Фёдараўна клапацілася пра свой гонар, і настаўнік проста апынуўся перад выбарам – ці з’ехаць з дому і шукаць работу, ці ажаніцца з удоўкаю. У 1909 годзе яны абвянчаліся, а праз два гады ў іх нарадзіўся сын, якога назвалі ў гонар дзеда Адамовіча – Фёдарам. У гэтыя гады Іван Міхайлавіч не губляў часу і завочна вучыўся ў Віленскім універсітэце. Экстэрнам здаў экзамены і атрымаў права выкладаць гісторыю і геаграфію. І ў 1911 годзе ён пераязджае са сваёй сям’ёй у Мінск, дзе яму пашанцавала ўладкавацца нелегальна ў прыватную гандлёвую школу. Але тут надоўга затрымацца не прыйшлося. Пачалася першая сусветная вайна, пагроза нямецкай акупацыі, і сям’я эвакуіруецца ў Сібір. Там, у Томску, нарадзіўся другі сын – Арсень (1917 г.). Пасля вызвалення Беларусі сям’я вяртаецца ў Мінск, Іван Міхайлавіч ўладкоўваецца настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў чыгуначную школу. Пасля народзін дачкі Аляксандры (1919 г.) Варвара Фёдараўна цяжка захварэла. Восенню 1919 года Варвара памерла.
Праз год Янка Маўр ажаніўся з Стэфанідай Аляксандраўнай, якая стала добрай маці для яго дзяцей. У 1924 годзе ў іх нарадзілася дачка Наталля, якая значна пазней выйшла замуж за малодшага сына Якуба Коласа Міхаіла Канстацінавіча Міцкевіча.
На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі Янкі Маўра і членаў яго сям’і з уласнага архіва Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча. Асаблівую цікавасць выставе надаюць рукапісы лістоў Янкі Маўра да Якуба Коласа ваеннга часу, кнігі з дарчымі надпісамі, падпісаныя Якубам Коласам Янку Маўру і яго сям’і. Цікава, што пасля вайны абодва пісьменнікі працавалі над адной кнігай – “Ніколі не забудзем” – кніга ўспамінаў дзяцей аб цяжкіх днях вайны. Гэта кніга выйшла пад рэдакцыяй Янкі Маўра, а прадмову да яе напісаў Якуб Колас.
На выставе прадстаўлены кнігі Янкі Маўра, у тым ліку кнігі з дарчымі надпісамі аўтара ўнукам – Сяргею і Марыі, асабістыя рэчы пісьменніка.
Янка Маўр – не толькі вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік, аўтар аповесцей “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады”, “Палескія рабінзоны”, рамана “Амок”, але і эсперантыст, які добра валодаў міжнароднай мовай эсперанта. На выставе прадстаўлены артыкул Янкі Маўра “Эсперанто”, падарунак Янку Маўру ад эсперантыстаў, а таксама калекцыя марак з лістоў да Янкі Маўра эсперантыстаў розных краін свету, цікавыя фатаздымкі эсперантыстаў і выданняў на мове эсперанта.
На выставе таксама прадстаўлены кнігі розных аўтараў, перыядычныя выданні, якія прысвечаны Янку Маўру, паштоўкі, аўдыякнігі.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *