Белорусский государственный университет культуры и искусств

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў створаны на базе Мінскага інстытута культуры, які пачаў дзейнічаць з 1975 г. у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР ад 04.05.1975 г. №139 і загадам Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР ад 14.05.1975 № 234.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 662 Мінскі інстытут культуры быў пераўтвораны ў Беларускі ўніверсітэт культуры. Адбылася маштабная рэарганізацыя факультэтаў і кафедраў, у выніку чаго пачалася падрыхтоўка спецыялістаў па новых спецыяльнасцях і спецыялізацыях.

Актывізаваліся міжнародныя сувязі, адкрыліся магістратура і Мазырскі філіял факультэта завочнага навучання. У 1996 г. паспяхова прайшлі атэстацыя і акрэдытацыя універсітэта, а 26.11.1999г. загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 703 універсітэту нададзены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі ў сферы культуры.

Загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 08.10.2004 г. №166 Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры” была перайменавана ва Установу адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”.

27 кастрычніка 2011 г. установе вышэйшай адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, першаму сярод ВНУ культуры, 22-у з 53 ВНУ рэспублікі, выдадзены сертыфікат адпаведнасці, які сведчыць аб тым, што сістэма менеджменту якасці праектавання і ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці ў галіне культуры і мастацтва, правядзення выхаваўчай работы, падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, навукова-даследчай, інавацыйнай і міжнароднай дзейнасці адпавядае патрабаванням СТБ ISO 9001-2009 да сістэмы менеджменту якасці.

Структура ўніверсітэта складзена зыходзячы з асноўных напрамкаў яго дзейнасці і адпавядае профілю ВНУ культуры і мастацтваў. У структуру БДУ культуры і мастацтваў уваходзяць Рэктарат, шэсць факультэтаў (факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці, факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва, факультэт музычнага мастацтва,  факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый, факультэт завочнага навучання і факультэт дадатковай адукацыі), 28 спецыяльных і агульнаўніверсітэцкіх кафедраў, а таксама наступныя падраздзяленні і службы: вучэбна-метадычны аддзел, аддзел менеджменту якасці адукацыі, аддзел выхаваўчай работы з моладдзю, студэнцкі гарадок, мастацкая галерэя “Універсітэт культуры”, прадзюсерскі цэнтр “Арт-мажор”, аддзел міжнародных сувязей, аспірантура, бібліятэка, рэдакцыйна-выдавецкі аддзел, цэнтр развіцця інфармацыйных тэхналогій (аддзел інфарматызацыі і сістэмнага праграмавання, аддзел тэхнічных сродкаў навучання), адміністрацыйна-гаспадарчы аддзел, эксплуатацыйна-тэхнічны аддзел, падраздзяленне аховы, навукова-даследчы аддзел, сталовая.

Падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй вядзецца па 14 спецыяльнасцях, 25 напрамках спецыяльнасцей і 26 спецыялізацыях. Усяго ва ўніверсітэце навучаецца каля 5000 студэнтаў на дзённай і завочнай формах навучання, у тым ліку каля 50% навучаецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Універсітэт размяшчаецца ў трох вучэбных карпусах — І корпус (вул. Рабкораўская, 17), ІІ корпус (вул. Маскоўская, 18а), і ІІІ корпус (вул. Маскоўская, 18а), маюцца два інтэрнаты: інтэрнат  №1  (вул. Рабкораўская, 15), інтэрнат № 2 (вул. Рабкораўская, 13).

Спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў БДУ культуры і мастацтваў — “Культуралогія”, “Літаратурная работа”, “Сацыяльная работа”, “Рэжысура свят”, “Сацыяльная педагогіка”, “Сацыяльна-культурная дзейнасць” “Народная творчасць”, “Дырыжыраванне”, “Харэграфічнае мастацтва”, “Мастацтва эстрады”, “Спевы”, “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”, “Мастацтвазнаўства”,  “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Духавыя інструменты”.

Штат прафесарска-выкладчыцкага саставу ўніверсітэта складае больш за 300 чалавек, з якіх 165 маюць вучоныя ступені і званні, 12 супрацоўнікаў маюць ганаровыя званні.

З мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў на базе ўніверсітэта створана вучэбна-метадычнае аб’яднанне па адукацыі ў галіне культуры і мастацтваў, у склад якога ўваходзіць 8 навукова-метадычных саветаў па напрамках адукацыі і групах спецыяльнасцей. Асноўнымі функцыямі вучэбна-метадычнага аб’яднання з’яўляюцца: удзел у распрацоўцы і ўдасканальванні адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі і тыпавых вучэбных планаў і праграм; экспертыза вучэбных планаў па спецыяльнасцях і вучэбных праграм па вывучаемых дысцыплінах; узгадненне рукапісаў падручнікаў, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў забяспечвае падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз магістратуру (спецыяльнасці: “Тэорыя, методыка і арганізацыя сацыяльна-культурнай дзейнасці”, “Культуралогія”, “Мастацтвазнаўства”, “Бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і кнігазнаўства”, “Музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў”, “Арт-менеджмент”), аспірантуру (“Бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і кнігазнаўства”, “Тэорыя, методыка і арганізацыя сацыяльна-культурнай дзейнасці”, “Тэорыя і гісторыя мастацтваў”, “Тэорыя і гісторыя культуры”, “Музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў”) і дактарантуру. Ва ўніверсітэце працуюць саветы па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.

У структуру ўніверсітэта як цэласнага навукова-адукацыйнага комплексу ўваходзіць філіял факультэта завочнага навучання ў Мазыры. Ва ўніверсітэце, акрамя пяцігадовага тэрміну навучання, вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў у галіне культуры і мастацтва са скарочаным тэрмінам навучання на аснове дамоў з Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным каледжам імя А.С. Пушкіна, Гродзенскім дзяржаўным каледжам мастацтваў і Дзяржаўнай сярэдняй школай-каледжам мастацтваў (г. Бабруйск).

Калектыў універсітэта — творчая супольнасць вядучых дзеячаў нацыянальнай культуры, вядомых навукоўцаў, педагогаў, маладых прадстаўнікоў інтэлектуальных і творчых сіл нашай краіны, якая імкнецца мэтанакіравана здзяйсняць праграму фіксацыі, вывучэння, захавання і трансляцыі  традыцыйнай і сучаснай беларускай культуры ў самай шырокай разнастайнасці яе праяў. Добра  аснашчаныя камп’ютарныя класы, спецыялізаваныя аўдыторыі, фанатэка, багатая вучэбная электронная бібліятэка, майстэрні ганчарства, саломапляцення, габелена, ткацтва, роспісу па тканіне, лозапляцення, старадаўніх беларускіх музычных інструментаў дазваляюць якасна арганізоўваць навучальны працэс, пашыраць магчымасці прафесійнага росту студэнтаў, паступовага набыцця імі навуковай і творчай сталасці. Фактычна па ўсіх спецыяльнасцях створаны цыкл бесперапыннай падрыхтоўкі спецыялістаў — ад выпускніка школы, каледжа, праз ступені студэнцтва, магістратуры, аспірантуры, дактарантуры, да вышынь прафесійнага майстэрства і дасканаласці. Універсітэт з надзеяй глядзіць у будучыню. Калектыў здольны вырашаць задачы падрыхтоўкі і выхавання адукаванай і прафесійна сталай нацыянальнай інтэлігенцыі, якая будзе ўносіць свой уклад у развіццё культуры, мастацтва і навукі Беларусі.

За перыяд існавання больш за 25 000 маладых спецыялістаў атрымалі дыпломы ўніверсітэта. Высокапрафесійны прафесарска-выкладчыцкі склад дае магчымасць Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў рыхтаваць спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, якія спалучаюць глыбокія спецыяльныя веды з грунтоўнай гуманітарнай падрыхтоўкай. У навучальны працэс укараняюцца сучасныя вучэбныя планы і праграмы, інфармацыйныя тэхналогіі і метады навучання. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў мае высокі рэйтынг сярод універсітэтаў Беларусі дзякуючы якаснай навуковай рабоце і інавацыйнай вучэбнай дзейнасці, шырокамаштабнай мастацкай творчасці.

http://www.buk.by/

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *