Выстаўка “Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць” у Беларускай асноўнай школе

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

14 снежня а 14-й гадзіне ў Беларускай асноўнай школе пры падтрымцы Беларускага інфармацыйнага цэнтра (г.Рыга) Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і філіял “Літаратурны музей Максіма Багдановіча” (г. Мінск) прэзентаваў выстаўку “Максім Багдановіч.  Жыццё і творчасць”, прымеркаваную да 125-годдзя Максіма Багдановіча (9 снежня 1891 – 25 мая 1917).

У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, якімі ён асабліва ганарыцца. Ёсць сярод іх і такія, што сталі здабыткам чалавецтва, бо слава пра іх перайшла межы краінаў і часу. Беларускі паэт Максім Багдановічатрымаў вядомасць, дзякуючы свайму літаратурнаму таленту і чалавечым якасцям. Яго імя заслужана стаіць побач з імёнамі слаўных заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Творчасць Максіма Багдановіча, надзвычай багатая па зместу, напоўненая той сілай веры ў свой народ, мову і краіну, якая зрабіла паэта адной з самых знакавых асоб беларускай культуры.

Мастацка-дакументальная выстаўка  распавядае пра жыццёвы і творчы шлях самага маладога класіка беларускай літаратуры. Багата ілюстраваная выявамі фотаздымкаў, паштовак, аўтографаў, арыгіналы якіх у пераважнай большасці захоўваюцца ў фондавай калекцыі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, гэтая выстаўка дапаможа скласці ўяўленне пра дзіцячыя і юнацкія гады паэта, яго сяброў і родных, вучобу Максіма ў гімназіях Ніжняга Ноўгарада, Яраслаўля і Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі, прасачыць асаблівасці станаўлення яго асобы і паэтычнага таленту.

У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Яцкевіч Дзмітрый Лявонцьевіч, загадчык культурна-адукацыйнага сектара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Мацук Юлія Багуславаўна, дырэктар Беларускай асноўнай школы Іванэ Ганна Уладзіславаўна, прадстаўнікі Амбасады Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы, прадстаўнікі Беларускага інфармацыйнага цэнтра.

Асаблівую падзяку за магчымасць арганізацыі гэтай выстаўкі ўстанова “Дзяржаўны музей беларускай літаратуры” выказае Беларускаму інфармацыйнаму цэнтру, Амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы, кампаніям “Ecolines”,  “Dodo Hotel”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *